Многія ведаюць, якімі сумнымі з’яўляюцца наступствы пажараў. Цяжка нават на імгненне ўявіць сябе на месцы чалавека, які яшчэ зусім нядаўна меў дыхтоўны дом, а цяпер ад яго засталося толькі папялішча – вынікі доўгіх год працы ў лічаныя хвіліны знішчаны агнём. І зусім цяжка ўспрыняць той факт, што ў агні загінуў самы блізкі чалавек. На жаль, гэта адбываецца даволі часта. А ў тым, што здарылася няшчасце, у большасці вінаваты самі домаўладальнікі, якія не выконвалі правілаў пажарнай бяспекі.
Адной з найбольш распаўсюджаных прычын загарання з’яўляецца невыкананне супрацьпажарных патрабаванняў пры эксплуатацыі электрабытавых прыбораў і электраправодкі. Кожны павінен памятаць, што катэгарычна забараняецца карыстацца электраправодкай з пашкоджанай ізаляцыяй, прымяняць для аховы электрасетак замест аўтаматычных засцерагальнікаў або плаўкіх уставак завадскога вырабу самаробныя (“жучкі”), завязваць электрапровады, падвешваць на іх абажуры і люстры, абкручваць лямпачкі паперай або тканінай, замацоўваць электраправодку цвікамі, уключаць у адну штэпсельную разетку некалькі электрапрыбораў адначасова. Можна прывесці нямала прыкладаў, калі з – за парушэння гэтых патрабаванняў агнём знішчаліся не толькі пабудовы і маёмасць грамадзян, але і гінулі людзі.
Нярэдка пажары ўзнікаюць, калі парушаецца рэжым эксплуатацыі печак. Кожнаму домаўладальніку трэба ўзяць за правіла, што печ у яго доме павінна быць спраўная. Паміж дымаходамі і канструкцыямі лёгкімі на загаранне павінны быць раздзяленні. Перад топкай печы неабходна прыбіць ліст з металу памерам не менш 50x70 сантыметраў. Патрэбна рэгулярна, не радзей аднаго разу ў два месяцы, ачышчаць дымаходы ад сажы; для своечасовага выяўлення трэшчын варта іх пабяліць. Нельга пакідаць печы без нагляду, калі яны цепляцца, складваць каля іх дровы і іншыя лёгкія на загаранне матэрыялы, развешваць у непасрэднай блізкасці ад іх бялізну і адзенне. Для распальвання ні ў якім выпадку не выкарыстоўваць бензін і іншыя лёгкаўзгаральныя вадкасці.
У апошні час вельмі частай з’явай сталі пажары па віне курыльшчыкаў. Як правіла гэта здараецца, калі чалавек у нецвярозым стане любіць выкурыць перад сном цыгарэту.
Паважаныя грамадзяне! Строга выконвайце патрабаванні правілаў пажарнай бяспекі. Гэта надзейная гарантыя таго, што вам не давядзецца перажыць трагедый, звязаных з агнём, гібелі родных і блізкіх.