Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Почему дети обманывают?

Дата: 19 декабря 2020 в 10:37

Рана ці позна дарослыя сутыкаюцца з праблемай дзіцячага падману. Любое дзіця падманвае час ад часу. Але нявінная дзіцячая хлусня можа перарасці ў хранічную праблему і сур'ёзна сапсаваць адносіны дзяцей і дарослых. Чаму дзіця можа падманваць, як распазнаць прычыны дзіцячай хлусні і што рабіць? Разабрацца ў гэтым нам дапамагла педагог-псіхолаг ясляў-сада № 9 Маладзечна Святлана Міхайлаўна Сушко.

3 практыкі псіхолага

Напрыклад, у сям’і нарадзілася другое дзіця і выхаванец пачынае расказваць у дзіцячым садзе, як яму цяжка дома, як яму даводзіцца дапамагаць калыхаць сястрычку ў калысцы ці неяк дапамагаць бацькам даглядаць дзіця. Пасля размовы з бацькамі высветлілася, што малы ўсё гэта прыдумвае, а такім спосабам паказвае, што яму не хапае бацькоўскай увагі.

Ці калі дзіця прыводзяць у дзіцячы сад, яно чамусьці раптам “забывае” напрацаваныя навыкі па самаабслугоўванні, і гэтаму таксама можа быць прычынай недахоп увагі ў сувязі са з’яўленнем браціка або сястрычкі. Падтэкст паводзін: я такі ж маленькі, клапаціцеся і пра мяне.

Ці яшчэ прыклад: мама па дарозе ў дзіцячы сад дамаўляецца з сынам, што, калі ён сёння сябе будзе добра паводзіць, па дарозе дадому яна купіць яму салодкую вату. На працягу дня хлопчык пабіўся ў групе з некалькімі дзецьмі, на яго сварыліся і выхавальнікі, і дзеці ў групе. Але калі мама прыйшла яго забіраць увечары дадому і спытала сына пра паводзіны, хлопчык сказаў, што ён паводзіў сябе вельмі добра, што яго сёння нават пахваліліі! Прычыны падману відавочныя.

Факт

Навукоўцы высветлілі, што 4-гадовае дзіця хлусіць прыкладна раз на дзве гадзіны, а 6-гадовае — кожныя 90 мінут. Хлусня <sup>“</sup>вуснамі немаўляці” з’яўляецца ў 3 гады, ада 4—6 гадоў дзеці дасягаюць у гэтым дасканаласці.

Быў і такі выпадак: дзіця стала скардзіцца штораніцы бацькам, што ў яго моцна баліць жывот у дзіцячым садзе. Бацькі ўдакладнілі ў выхавальніцы, чым кормяць дзяцей, ці ёсць такія скаргі ў іншых. Прайшлі абследаванне ў дактароў — паталогій у хлопчыка не выявілі. Прычым такіх скаргаў ад дзіцяці ў садзе не паступала на працягу дня. Аказалася, што, як толькі дзіця пачало выказваць свае скаргі, бацькі часцей сталі пакідаць яго дома, гуляць з ім, больш праводзіць з ім часу.

Як фарміруецца дзіцячы падман?

Падман — гэта частка жыцця чалавека любога ўзросту і выхавання, нават выхаваны чалавек можа схлусіць з ветлівасці або каб выблытацца з нейкай непрыемнай сітуацыі. Так і дзеці звяртаюцца да такога спосабу. Наогул калі дзіця хлусіць, значыць, яму нешта трэба, нешта за гэтым стаіць. Бывае, вядома, і проста так, каб пазлаваць дарослых, але гэта больш уласціва падлеткаваму перыяду. У астатніх выпадках ёсць нейкая прычына, чаму дзеці гэта робяць. Гэта можа быць банальны страх пакарання ад бацькоў за нейкую правіннасць. I тады падман — гэта жаданне схаваць сваю віну, пазбегнуць пакарання і не сутыкнуцца з бацькоўскім гневам, калі яны ўжо былі сведкамі такіх паводзін дарослых. Гэта больш уласціва дзецям, якія растуць у сем’ях з іншымі дзецьмі і якія бачаць, як караюць малодшых або старэйшых дзяцей за правіннасці. Падман можа мець месца, каб не пакрыўдзіць бацькоў. Асабліва калі дзіця бачыць, як дарослы рэагуе на крытыку.

Шпаргалка

Што такое падман для дзіцяці?

  • Гэта бальзам для душэўных ран.
  • Гэта выхад унутранага канфлікту.
  • Гэта выратавальны кругу, здавалася б, бязвыхаднай сітуацыі.

I што такое дзіцячая хлусня для бацькоў?

  • Гэта сігнал бедства.
  • Гэта просьба аб дапамозе.
  • Гэта індыкатар таго, што ў свеце вашага любімага малыша далёка не ўсё так добра, як вам можа здацца на першы погляд.

Падман — гэта набытая рыса, маленькія дзеці прамалінейныя і шчырыя, вялікае значэнне мае выхаванне бацькоў, якія яны маюць адносіны паміж сабой, і дзеці гэтаму вучацца. У перыяд з 2 да 4 гадоў у дзіцяці ідзе назапашванне жыццёвага вопыту. Да 5—6 гадоў развіваецца ўяўленне, і трэба ўдакладняць, гэта хлусня або фантазія, бо дзеці яшчэ не адчуваюць мяжы. Што такое фантазія? Гэта ўласцівасць дзяцей такога ўзросту, паказчык нармальнага развіцця іх псіхікі. Мы павінны разумець, што дзіця хлусіць у залежнасці ад таго, што яму трэба ў пэўны момант: пахвала, адабрэнне, прыцягненне ўвагі або пазбяганне пакарання.

3 3 да 6 гадоў ідзе закладка самаацэнкі, і ў гэты перыяд фарміруецца станаўленне маральнасці і маралі: дзіця пачынае ўсведамляць, што добра, а што дрэнна. Да гэтага малыя яшчэ не разумеюць, што нешта парушаюць, яны арыентуюцца на адабрэнне дарослага, на яго эмацыянальныя рэакцыі.

Дзеянні дарослага, калі дзіцячы падман выяўлены

Важна не перагнуць палку, каб не сфарміраваць страх перад дарослымі, што можа спрыяць хлусні. Выхавальнікам і бацькам трэба быць мудрымі і спакойнымі, называць усё сваімі імёнамі. Павінна быць выразная бацькоўская пазіцыя да хлусні. Не ўпадаць у паніку і істэрыку. Калі дзіця схлусіла, не трэба на яго ціснуць, трэба даць час і магчымасць самому прызнацца і сказаць вам праўду. Падзяліцца сваімі пачуццямі з ім, як вам гэта непрыемна. Даць зразумець дзіцяці, што адчувае дарослы. Калі дзіця прызналася, важна пахваліць яго за гэта. Скажыце, як вы ганарыцеся маленькімі сынам ці дачкой, што яны такія адважныя і што выправілі нейкі ўрон, папрасілі прабачэння. Трэба паказаць дзіцяці новы спосаб вырашэння праблемы.

Дзіця павінна адчуваць сябе любімым і патрэбным незалежна ад таго, які ўчынак здзейсніла. Сказаць: “Давай падумаем з табой разам, як можна гэта выправіць?”. Калі ў дзіцяці з’яўляецца вопыт таго, што яму даравалі, то і яно вучыцца дараваць.

Аб чым можа сведчыць хлусня?

Хлусня або падман могуць сведчыць аб праблеме ў зносінах з дарослымі або дарослым.

На гэта ёсць прычына, і яе трэба ўдакладніць. Магчыма, члены сям’і самі няшчырыя адно з адным, а дзіця, як губка, упітвае такі стыль зносін. Наіўная хлусня — паказчык развіцця дзіцяці. Калі гэта адбываецца рэдка, не трэба драматызаваць. Але калі часта, то трэба разбірацца. Гэта можа быць сімптомам няшчасця дзіцяці і яго псіхалагічнай праблемы, якая на цяперашні момант можа існаваць.

Напрыклад, калі дарослыя абясцэньваюць жаданне дзіцяці.

Малое гуляе і можа забрудзіць вопратку, набраўшы каменьчыкаў у кішэні, а даросламу важней, каб яно заставалася ў чыстай вопратцы, забываючы, наколькі каштоўныя для дзіцяці гэтыя імгненні гульні, калі яно забывае пра ўсё ў сваім прыдуманым свеце.

Калі губляецца давер паміж дзіцем і бацькамі, і дзіця можа баяцца быць непрынятым такім, якое яно ёсць на самай справе, тады звяртаецца да хлусні. Калі бацькі і дзіця розныя па тэмпераменце. Дзіця актыўнае, а дарослы — не. Напрыклад, у дзіцячым садзе хлопчык разбіў посуд або штурхнуў кагосьці, а бацькам ён расказвае, які ён быў сёння паслухмяны, што яго хвалілі, нічога не здарылася, і гэты падман для таго, каб мама не хвалявалася, тата не злаваўся.

Педагогам і бацькам невялікі спіс літаратуры для самаразвіцця па тэме ад С.М.Сушко:

  • Алена Нікалаева “Як і чаму дзеці хлусяць”.
  • Пол Экман “Ілгуны або фантазёры”.
  • Ірына Млодзік “Як будаваць масты, а не сцены”.
  • Людміла Петраноўская “Калі з дзіцем цяжка”.
  • Дорыс Брэт “Жыла-была дзяўчынка, падобная на цябе”.
  • Разіда Ткач “50 гаючых казак”.

Як дарослы можа паспрыяць таму, каб дзіця было праўдзівым?

“Калі вам не падабаецца, што вы атрымліваеце, змяніце тое, што вы даяце”. Гэта значыць, пачніце з сябе, будзьце прыкладам для дзіцяці, гаварыце яму праўду. Потым, хто б што ні казаў, за прыклад яно прыме паводзіны сваіх блізкіх, як і іх рэакцыю. Вельмі часта падрываецца аўтарытэт дарослых, калі яны не трымаюць свайго слова або абяцання. Даросламу ж, калі не выканаў абяцання, важна растлумачыць прычыну і папрасіць прабачэння. Калі бацькі прызнаюць сваю памылку, то і дзіця вучыцца прасіць прабачэння, адчувае сваю важнасць побач з дарослым і не баіцца выказваць свой пункт гледжання. Яно ўсё ўспрымае на эмацыянальным узроўні. I гэтае зерне даверу і праўды важна закласці як мага раней. Тады дзіця будзе ведаць, як сябе паводзіць у такой сітуацыі. У выніку гэта спрыяе фарміраванню здаровай самаацэнкі.

Дзіця можа хлусіць таму, што лічыць, што яно недастаткова добрае ў параўнанні са сваімі аднагодкамі. Магчыма, у яго не такія прыгожыя сукенкі, цацкі, і таму яно можа схлусіць і сказаць, што дома ў яго шмат прыгожых сукенак, але мама не дазваляе іх апранаць, каб не забрудзіць. Калі мы хочам, каб дзіця было шчырым, мы павінны быць гатовыя пачуць яго крытычныя заўвагі, нават не вельмі прыемныя ў адносінах да сябе.

Выхавальніку неабходна пры выяўленні падману асобна пагаварыць з выхаванцам, паколькі дзеці вельмі цяжка ўспрымаюць крытыку, асабліва

калі бачаць, як на гэтую крытыку рэагуюць дарослыя.

Дзіця будзе сумленным, калі:

  • упэўнена, што ні пры якіх умовах дарослыя не стануць яго зневажаць;
  • небаіцца гневу значных дарослых або быць адрынутым імі;
  • ведае, што яго падтрымаюць у складанай сітуацыі, параяць правільнае выйсце з яе;
  • упэўнена, што пакаранне (калі будзе) будзе разумным і справядлівым;
  • ведае, што ў спрэчнай сітуацыі дарослыя прымуць яго бок або паспрабуюць зразумець прычыны яго паводзін;
  • упэўнена, што паміж ім, мамай і татам, выхавальнікамі існуе давер.

Паспрабуйце заўсёды падкрэсліваць, наколькі важная сумленнасць. Скажыце дзіцяці, што вельмі цэніце, калі людзі гавораць праўду, і вельмі хвалюецеся, калі хлусяць. Хваліце дзіця за сумленнасць. Бо лепш навучыць яго не хлусіць, чым пастаянна караць за дробныя правіннасці.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.